панядзелак, 8 красавіка 2013 г.

Герой - Пімен Панчанка

Герой - Пімен Панчанка

Злосна сказаў: «Уставай, пяхота!
Мы не на пляжы, а на вайне».
І лёг на змяіныя скруткі дроту.
І дзвесце салдацкіх запыленых ботаў
Прайшлі па яго спіне.

Не ён, а другія ішлі ў атаку,
Гранаты кідалі ў бліндажы,
Калолі фрыцаў, палілі танкі
І сцяг перамогі ўзнімалі ранкам
На заваёваным рубяжы.

А ён свае косці з іржавых калючак
Сваімі рукамі без стогну аддзёр,
Зваліўся на травы, і стала балюча
І травам, і росам, і ветрам гаючым,
Што прыляцелі з валдайскіх азёр.

Сапраўды моцны верш, які адлюстроўвае жах таго часу і мужнасць беларускіх людзей!

нядзеля, 7 красавіка 2013 г.

Гавары са мной па-беларуску - Яўгенія Янішчыц



Будзе слоту абвяшчаць прагноз,
Лістабой учыніць ператруску.
Песняй, што расчуліла да слёз
Я прыму цябе па-беларуску.

Краю бесславёнага дачка,
Дзякуй лёсу, маю не ў нагрузку —
Зорны крыж Мацея Бурачка...
Ты ўва мне прызнаеш беларуску?

Сто разоў шукай другой красы,
А тым больш што свет даўно ня вузкі!
...Ды калі ты не бязродны сын —
Гавары са мной па-беларуску!

Час — вар'ят, шалёнае таксі.
Толькі ўсё ж ня мыслю я аб спуску.
Кажаш, што магілы зараслі?
Памаўчы са мной па-беларуску.

Воть гэтым цудоўным вершам я распачынаю весці гэты блог. Буду вельмі рады сустрэць аднадумцаў і ўбачыць Вашыя каментары наконт прыгожых вершаў!